БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ПУ́ШЧА,
дзяржаўны нац. парк у Беларусі. Размешчаны на тэр. буйнога ляснога масіву Белавежская пушча (Камянецкі і Пружанскі р-ны Брэсцкай і Свіслацкі р-н Гродзенскай вобл.). Створаны ў мэтах захавання эталонных і унікальных прыродных комплексаў і аб’ектаў прыроды, правядзення навук. даследаванняў, распрацоўкі і ўкаранення навук. метадаў аховы прыроды і прыродакарыстання, арганізацыі экалагічнай асветы і рэкрэацыйнай дзейнасці, вядзення комплекснай гаспадаркі на аснове традыц. метадаў і дасягненняў прыродакарыстання. Пушча — былая паляўнічая гаспадарка польскіх каралёў (з 15 ст.) і рус. цароў (18 — пач. 20 ст.). У 1939 абвешчана дзярж. запаведнікам, у 1957—91 дзярж. запаведна-паляўнічая гаспадарка, з 1991 дзярж. нац. парк. У 1992 уключана ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў сусв. культурнай і прыроднай спадчыны, з 1993 біясферны запаведнік. Пл. каля 51 тыс. га (1994), у тым ліку абсалютна запаведнай ч. 15,7 тыс. га. Адм.-гасп. і навук. цэнтр у в. Камянюкі Камянецкага р-на.
т. 2, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)